ТЭРМАФО́БНЫЯ АРГАНІ́ЗМЫ,
тэрмафобы (ад тэрма... + грэч. phobos страх), жывыя арганізмы, якія здольны існаваць і размнажацца толькі пры адносна нізкіх т-рах (звычайна не больш за 10 °C). Да Т.а. належыць большасць жыхароў глыбінь акіянаў, мораў, буйных азёраў, вадаёмаў і сушы раёнаў з халодным кліматам (Арктыкі, Антарктыкі, высакагор’яў). Тэрмафобныя мікраарганізмы наз. таксама псіхрафільнымі ці крыяфільнымі, а тэрмафобныя расліны падзяляюць на крыяфіты і псіхрафіты.
т. 16, с. 137
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)